У Інстытуце філасофіі заслухалі даклад аб ролі Эрнста Маха ў гісторыі еўрапейскай філасофіі і беларускай інтэлектуальнай культуры

02.03.2023

2 сакавіка 2023 г. у Інстытуце філасофіі НАН Беларусі адбылося пасяджэнне аддзела гісторыі філасофіі ў рамках семінара па падрыхтоўцы 5-га тома «Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі». З дакладам па тэме «Роля і месца Эрнста Маха ў гісторыі еўрапейскай філасофіі і беларускай інтэлектуальнай культуры канца XIX – пачатку XX стст. (да 185-годдзя мысляра)» выступіў навуковы супрацоўнік Іван Новік.

Анатацыя

Карыстаючыся фармальнай юбілейнай нагодай, мы хацелі бы паразмаўляць аб эмпірыякрытыцызме і адным з заснавальнікаў гэтага адметнага філасофскага напрамку – Эрнсце Махе, чые сто васьмідзесяці пяцігоддзе прапала на 18 лютага. Дакладней, наша мэта – вярнуць гістарычную справядлівасць, гэтым колісь сенсацыйна папулярным вучэнню і постаці, сёння існуючым пераважна на правах маргіналіі на палях адпаведнага твора У. Леніна, або ў якасці забытага і занядбанага ўвагай даследнікаў гістарычнага казусу.

«Вяртанне справядлівасці» азначае тут ачыстку ідэй Э. Маха (і Р. Авенарыюса) ад пазнейшых ідэалагічных аберацый, звязаных з тым, што яго імя і ягоная філасофія сталіся закладнікамі партыйнай барацьбы ў межах палітычнага праекту рускіх камуністаў, з усімі з вынікаючымі адсюль рытарычнымі аберацыямі.

«Гістарычнай» жа аддаваная намі справядлівасць будзе таму, што мы не ставім задачу абʼектыўнай і, галоўнае, пазачасавай ацэнкі гэтага мысляра і ягонага вучэння. Нас будзе цікавіць толькі іх роля ў гісторыі філасофіі: якія тэндэнцыі еўрапейскай філасофіі знайшлі свае ўвасабленне і адлюстраванне ў эмпірыякрытыцызме, да якога інтэлектуальнага ландшафту ён мусіць быць атрыбутаваны, і ў чым прычыны згаданай намі вышэй усёахопнай і надзвычайнай ягонай моды на зломе XIX і XX стст.

Асобна мы плануем спыніцца на тым экзальтаваным успрыняцці вучэння Э. Маха і Р. Авенарыюса, якое яно напаткала на прасторах Рускай імперыі ў колах яе леварадыкальнай інтэлігенцыі, якая ўбачыла ў цэлым даволі адцягнутыя і абстрактныя эпістэмічныя ідэі як інструмент ўласных палітычнага і сацыяльна-рэвалюцыйнага праектаў.

Такое пераасэнсаванне ролі і месца ў гісторыі філасофіі эмпірыякрытыцызму наагул і Э. Маха ў прыватнасці, апроч самастойнага навуковага значэння, мае самую непасрэдную і, нават, крытычную значнасць для асэнсавання ўласна беларускай інтэлектуальнай гісторыі, сапраўднае разуменне якой на адцінку канца XIX – пачатку XX стст., на наш погляд, не магчымае без асобнай размовы аб уплывах эмпірыякрытыцызму і звязаных з ім партыйна-ідэалагічных калізіях.

Праілюстраваць адпаведныя ўплывы вучэння Э. Маха і Р. Авенарыюса на беларускіх інтэлектуалаў мы хочам на падставе трох постацяў: Юзэфы Кодзіс-Крыжаноўскай, Уладзімера Самойлы і Саламона Кацэнбогена – прыналежных да зусім розных палітычных і культурных колаў, з вельмі рознымі філасофскімі траекторыямі, але аднолькава істотнымі і неўнікнёнымі ў размове аб айчыннай інтэлектуальнай гісторыі азначанага перыяду.

Галерэя

Націсніце на малюнак, каб павялічыць

Іншыя навіны


Новыя публікацыі