Гісторыя і традыцыі

Інстытут філасофіі створаны 19 сакавіка 1931 г. і з’яўляецца адной з самых старэйшых навуковых устаноў гуманітарнага профілю ў сістэме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Даследчая дзейнасць інстытута будуецца з улікам сусветных тэндэнцый у развіцці філасофскай навукі, прыярытэтных напрамкаў навукі ў Рэспубліцы Беларусь, навуковай і практычнай значнасці філасофскіх даследаванняў у вырашэнні актуальных праблем, якія стаяць перад беларускім грамадствам і дзяржавай.
Найважнейшымі напрамкамі даследаванняў з’яўляюцца:

  • Праблемы сучаснай тэорыі пазнання, логікі, метадалогіі навукі і міждысцыплінарных даследаванняў;
  • Сацыяльна-філасофскія даследаванні, якія ўключаюць актуальныя праблемы філасофіі чалавека, сацыяльнай экалогіі, этыкі і духоўнасці сучаснага грамадства, постіндустрыяльных трансфармацый і ідэалагічнай архітэктуры грамадскага развіцця;
  • Інтэлектуальная і духоўная гісторыя Беларусі;
  • Філасофскія праблемы рэлігійнай свядомасці і міжканфесійных адносін;
  • Даследаванне стратэгічных напрамкаў міждзяржаўнага і міжкультурнага супрацоўніцтва.

У інстытуце сфарміраваліся і працягваюць развівацца навуковыя школы па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Бе-ларусі; у галіне логіка-метадалагічных асноў і структур навуковага пазнання; па філасофіі рэлігіі, этыцы, эстэтыцы; па сацыяльнай экалогіі; у галіне тэорыі і метадалогіі станаўлення інфармацыйнага грамадства. Гэтыя навуковыя школы карыстаюцца вядомасцю і аўтарытэтам не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за мяжой. З кожным годам Інстытут філасофіі пашырае міжнароднае навуковае супрацоўніцтва, выконвае сумесныя даследчыя праекты з навуковымі і навучальнымі ўстановамі Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Польшчы, Балгарыі, Германіі, Славакіі.
Дзейнасць інстытута і асабісты творчы ўдзел яго вучоных неаднаразова адзначаліся ганаровымі ўзнагародамі і прэміямі. Сярод іх дыплом III ступені і бронзавы медаль ВДНГ СССР за калектыўную манаграфію «Гуманизация общественных отношений и возрастание активности трудящихся» (1977); Дзяржаўная прэмія БССР за цыкл калектыўных работ па гісторыі філасофіі грамадскай думкі Беларусі Дакастрычніцкага перыяду (1984); дыплом I ступені і залаты медаль ВДНГ СССР за калектыўную манаграфію «Детерминизм: системы, развитие» (1986); прэмія Акадэміі навук Беларусі А.С. Майхровічу за манаграфію «Поиск истинного бытия и человека. Из истории философии и культуры Беларуси»(1993); Ордэн Францыска Скарыны акадэміку НАН Беларусі Д.І. Шыраканаву (1999); прэмія акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы за калектыўную манаграфію «Высокие технологии в структуре устойчивого развития: проблема соответствия ноосферным ценностям» (2010); Ганаровая грамата Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2011); дыплом Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА (2011); Ганаровая грамата Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў (2011).
Інстытут праводзіць шырокую навукова-даследчую працу па стварэнні комплексу тэарэтыка-метадалагічных падстаў устойлівага інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь у сацыяльна-культурнай, навукова-тэхнічнай, духоўна-маральнай сферы. Інстытут праводзіць падрыхтоўку высокапрафесійных навуковых кадраў, займаецца выданнем навуковай літаратуры па філасофіі, логіцы, рэлігіязнаўстве, іншых дысцыплінах. Штогод Інстытут філасофіі арганізуе міжнародныя навуковыя канферэнцыі, актыўна папулярызуе гістарычны здабытак беларускай інтэлектуальнай і духоўнай культуры.



Навіны па тэме


Публікацыі па тэме