Інстытут філасофіі НАН Беларусі стаў суарганізатарам навукова-практычнай канферэнцыі ў Чувашскай Рэспубліцы

17.02.2022

Інстытут філасофіі НАН Беларусі стаў афіцыйным суарганізатарам Х Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Культура і мастацтва: традыцыі і сучаснасць», якая 17 лютага 2022 года адбылася ў Чувашскай Рэспубліцы.

Навуковую імпрэзу ў Чэбаксарах арганізацыйна курыруе кафедра народнай мастацкай творчасці Чувашскага дзяржаўнага інстытута культуры і мастацтваў (Чэбаксары, Чувашская Рэспубліка Расійскай Федэрацыі). Каардынатарам, мадэратарам канферэнцыі і сёлета з’яўлялася яе загадчыца Раіса Міхайлаўна Васільева. Аддзел філасофіі літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі НАН Беларусі арганізаваў работу асобнай секцыі канферэнцыі — «Нематэрыяльная культурная спадчына і нацыянальная мастацкая традыцыя ў XXI стагоддзі», дзе свае даклады агучылі прадстаўнікі аддзела — Валерый Максімовіч, Вячаслаў Калацэй, Таццяна Карнажыцкая, Марыя Вярэніч, а таксама каля 15 беларускіх даследчыкаў, запрошаных з іншых устаноў Мінска. Такім чынам, Інстытут філасофіі НАН Беларусі стаў афіцыйным суарганізатарам канферэнцыі, што павінна спрыяць далейшаму ўпарадкаванню навуковых сувязей паміж даследчыкамі-гуманітарыямі Беларусі і Чувашыі.

Мерапрыемства аб’яднала даследчыя і навучальныя ўстановы Чувашыі, іншых рэгіёнаў Расіі, Эстоніі, Казахстана, Беларусі, Малдовы і Турцыі. На пленарным і секцыйным пасяджэннях канферэнцыі заслухоўваліся даклады, якія датычыліся як агульна-тэарэтычных праблем сучаснай гуманітарыстыкі і антрапалогіі, так і практычна арыентаваныя, звязаныя з захаваннем традыцый этнічнай спадчыны ў музыцы, літаратуры, мастацкай творчасці. Усе пытанні разглядаліся ў кантэксце сучасных парадыгм развіцця культуры.

 


Іншыя навіны


Новыя публікацыі