Адукацыйная праграма «Зялёнае Сонца» ўвайшла ў Топ-10 самых прагляданых профіляў арганізацый НАН Беларусі

22.01.2019

Адукацыйная праграма для дзяцей і падлеткаў «Зялёнае Сонца» заняла 2-е месца ў рэйтынгу Топ-10 профіляў арганізацый НАН Беларусі на англійскай мове па наведвальнасці ў 2018 г. Дадзены рэйтынг быў складзены Рэспубліканскім Цэнтрам трансферу тэхналогій , адной з ключавых задач якога выступае аказанне дапамогі суб’ектам інавацыйнай дзейнасці ў распрацоўцы і прасоўванні інавацыйных і інвестыцыйных праектаў. Пры складанні рэйтынгу выкарыстоўваліся сэрвісы «Google Analytics» і «Яндекс.Метрика», што дазволіла выявіць найбольш прагледжваемыя профілі акадэмічных інстытутаў, прадстаўленыя на рускай і англійскай мовах на віртуальнай выставе НАН Беларусі і ў онлайн каталогу распрацовак НАН Беларусі.

«Зялёнае Сонца» з’яўляецца аўтарскай праграмай дадатковай адукацыі дзяцей і падлеткаў 10-12 гадоў. Назва Праграмы натхнёная выказваннем Дж.Р.Р. Толкіена, згодна з якім «Прыдумаць зялёнае сонца лёгка; цяжка стварыць свет, у якім яно было б натуральным… », а таксама усведамленнем неабходнасці развіваць у сучасных дзяцей – будучых дарослых – уменне сумесна і творча вырашаць складаныя, неадназначныя задачы. Сярод кампетэнцый, на развіццё якіх накіравана Праграма: уменне вучыцца, лагічна і крытычна мысліць, выпрацоўваць нетрывіяльныя вырашэнні праблем, працаваць у камандзе, знаходзіць агульную мову з людзьмі, якія маюць розныя светапогляды і культурныя ўстаноўкі.

Праграма «Зялёнае Сонца» была паспяхова прадстаўлена на Першай Кітайскай міжнароднай выставе імпарту ў г. Шанхай (5-10 лістапада 2018 г.), дзе выклікала цікавасць замежных калег.

Дадатковую інфармацыю пра адукацыйную праграму «Зялёнае Сонца» можна знайсці ў Каталогу інавацыйных тэхналагічных прапаноў арганізацый НАН Беларусі, дзе прадстаўлена спасылка на прэзентацыю праекта на кітайскай мове, а таксама спасылка на форму выказвання цікавасці ў супрацоўніцтве. Таксама інфармацыя аб Праграме прадстаўлена на сайце Інстытута філасофіі НАН Беларусі.


Іншыя навіны


Новыя публікацыі