У Нацыянальным мастацкім музеі прайшла першая з серыі лекцый па этнафіласофіі беларусаў

05.02.2023

5 лютага 2023 г.у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках праекта Інстытута філасофіі НАН Беларусі «Навука мастацтва і мастацтва навукі» прайшло адкрыццё цыкла лекцый старшага навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі НАН Беларусі Ірыны Дубянецкай на тэму «Этнафіласофія і беларускія культурныя коды».

Першая лекцыя з цыкла была прысвечана тэме «Традыцыйнае светамысленне беларусаў і этнафіласофія як самарэфлексія беларускай культуры».

Мерапрыемства было ўрачыста адкрыта прывітаннем і музычным нумарам у выкананні Кацярыны Пукст, дацэнта кафедры струнных смычковых інструментаў, і Наталлі Сазановіч, загадчыцы кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, дацэнта кафедры фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Наведвальнікі лекцыі змаглі азнаёміцца з унікальным праектам Інстытута філасофіі «Беларуская этнафіласофія ў сістэме культуры», яго мэтамі і задачамі, разгледзець асаблівасці гэтага падыходу, як ён даследуе і сістэматызуе ўвесь комплекс уяўленняў аб свеце традыцыйнай супольнасці (у нашым выпадку беларускай), рэканструюе і асэнсоўвае духоўна-інтэлектуальную прастору беларусаў. Слухачы змаглі зірнуць на беларускую традыцыйную культуру ў часовым і прасторавым кантэксце, даведацца аб эстэтычнай і навуковай каштоўнасці беларускага фальклорнага матэрыялу, аб значэнні, месцы і функцыі традыцыйнай культуры ў сучасным высокатэхналагічным свеце. Таксама ім было прапанавана азнаёміцца з першымі пладамі акадэмічнага праекта этнафіласофскіх даследаванняў на прыкладзе кнігі Трошкі бліжэй да Сонца, трошкі далей ад Месяца: беларуская народная філасофія / Т. В. Валодзіна [і інш.] ; уклад. і агул. рэд.: І. М. Дубянецкая, С. І. Санько ; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т філасофіі. – Мінск : Беларуская навука, 2021. – 481 с.

У заключнай частцы мерапрыемства наведвальнікі змаглі пагутарыць з лектарам і атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць.

Лекцыя выклікала вялікую цікавасць – яе наведала больш за 150 чалавек. У адрас лектара і арганізатараў паступіла шмат водгукаў, падзяк і пажаданняў аб далейшым правядзенні падобных інтэлектуальных і культурных сустрэч.

Правядзенне наступнай лекцыі з цыклу запланавана на канец лютага. Па любых пытаннях, што тычацца праекта і ўдзелу ў ім можна звяртацца да куратара – Даронінай Святланы Генадзеўны па тэл: +375-25-9789074 або e-mail: svetadoris@mail.ru

Фота: Дзмітрый Шыйка
Відэа: Алена Асташэвіч

Галерэя

Націсніце на малюнак, каб павялічыць

Іншыя навіны


Новыя публікацыі