У Інстытуце філасофіі прайшоў круглы стол “«Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча і сучасныя выклікі беларускаму светапогляду”

13.10.2021

13 кастрычніка 2021 г. у Інстытуце філасофіі НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча і сучасныя выклікі беларускаму светагляду».

Мерапрыемства было прысвечана творчасці выдатнага мысляра міжваеннай Беларусі Ігната Канчэўскага (Абдзіраловіча). У 1921 годзе Ігнат Канчэўскі (1896 – 1923) у сваім філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» прапанаваў шэраг тэм і ідэй, якія сталі вызначальнымі для беларускага мыслення на стагоддзе наперад. Беларуская ідэнтычнасць як ідэнтычнасць цывілізацыйнага і культурнага памежжа; неабходнасць суб’ектнасці і «духа жывога», без якіх не можа быць «выразнай культуры»; нацыянальная гісторыя як дыялектыка прыгнёту і вызвалення, «свайго» і «чужога»; грамадскія і сацыяльныя формы, што непазбежна становяцца пасткай і перашкодай і мусяць змяняцца, – разам з ідэяй (утопіяй) «ліючайся формы» і імператывам «творачы зруйнуем» гэтыя тэмы склалі аснову і залаты фонд беларускай філасофскай рефлексіі.

На круглым стале адбылося з аднага боку, падсумаванне і кадыфікацыя «лініі Абдзіраловіча» ў беларускай філасофіі, з іншага, адкрыццё праблемнага поля ў будучыню, разгляд сучасных цывілізацыйных выклікаў і магчымых інтэлектуальных адказаў. У ім прынялі ўдзел спецыялісты у галіне гісторыі філасофіі Беларусі, а таксама новай і найноўшай гісторыі, інтэлектуальнай культуры нашай краіны.


Іншыя навіны


Новыя публікацыі