Юбілей Валерыя Максімовіча

21.03.2022

21 сакавіка 2022 г. вядомаму беларускаму даследчыку гісторыі эстэтычнай думкі і літаратуры, культуролагу, педагогу, доктару філалагічных навук, прафесару, загадчыку аддзела філасофіі літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі НАН Беларусі Валерыю Аляксандравічу Максімовічу спаўняецца 60 год.

Валерый Аляксандравіч належыць да культурна-гістарычнай навуковай школы айчыннага літаратуразнаўства, з’яўляецца аўтарам звыш 300 навуковых публікацый, сярод якіх 11 аўтарскіх і калектыўных манаграфій, а таксама шматлікіх вучэбна-метадычных дапаможнікаў для школьных настаўнікаў і студэнтаў універсітэтаў. Навуковыя і навукова-метадычныя распрацоўкі В.А. Максімовіча ахопліваюць прыярытэтныя кірункі навукі і адукацыі, звязаныя з даследаваннем галоўных тэндэнцый і заканамернасцей станаўлення і развіцця нацыянальнай культуры і мастацкай традыцыі, эстэтыкі, раскрыццём феноменаў камунікацыі і творчасці, духоўна-маральных праблем сучаснага грамадства на аснове новых метадалагічных прынцыпаў і з улікам сучасных каштоўнасных арыентацый. Вынікі грунтоўных даследаванняў і навуковых канцэпцый атрымалі падтрымку і прызнанне спецыялістаў у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. Яны знаходзяць актыўнае практычнае прымяненне ў сферы сярэдняй і вышэйшай адукацыі. У спецыялізаваных навуковых выданнях часта змяшчаюцца яго выступленні па праблемах сацыякультурнага развіцця грамадства і чалавека, фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцей як неабходнай умовы забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў кантэкстаў выклікаў і пагроз сучаснага свету.

Да найбольш значных навуковых інтарэсаў В.А. Максімовіча можна аднесці: даследаванні філасофска-метадалагічных праблем літаратуры і эстэтыкі як сацыяльных феноменаў у працэсе гістарычных і сучасных трансфармацый; выяўленне сэнсаўтваральных і формаўтваральных складнікаў нацыянальнай культуры як эстэтычнай сістэмы каштоўнасных адносін чалавека да свету, а таксама базавых элементаў нацыянальнай мастацкай традыцыі і яе ролі ў трансляцыі каштоўнасцей і сэнсаў сацыяльнага быцця ў кантэксце культурастваральных працэсаў у Рэспубліцы Беларусь. Гэтыя праблемы глыбока і ўсебакова даследаваны ў манаграфііі «Нацыянальная мастацкая традыцыя ў кантэксце гуманітарнай бяспекі Беларусі» (2019). Раскрыццю прычын, сутнасці і асноўных тэндэнцый сацыякультурных трансфармацый і змяненняў у духоўнай сферах грамадскага жыцця, умовам і фактарам захавання нацыянальна-культурнай устойлівасці грамадства ў сітуацыі ўніфікуючага ўплыву глабалізацыі прысвечаны раздзелы ў калектыўнай манаграфіі «Национальная культура в контексте социокультурных трансформаций», навуковым рэдактарам якой з’яўляецца В.А. Максімовіч.

Асноўная ўвага даследчыка звернута на навуковую эксплікацыю нацыянальнай мастацкай традыцыі як асновасутнаснага кампанента духоўнага жыцця сучаснага грамадства. Распрацоўка механізму функцыянавання нацыянальнай мастацкай традыцыі дазваляе не толькі раскрыць яе велізарнае культурабудаўнічае значэнне, але і аднесці яе да важнага структурнага складніка культуры, яе базіснай асновы. У шэрагу сваіх прац даследчык пераканаўча даводзіць, што мастацкая традыцыя застаецца арганічнай часткай культурнай матрыцы, выконваючы шматлікія спецыфічныя функцыі, якія не могуць быць дэлегаваныя іншым культурным інстытутам.

Філасофска-культуралагічны, эстэтыка-аксіялагічны, інавацыйны падыход, які ляжыць у аснове даследаванняў вучонага, дазволіў пабудаваць цэласнае ўяўленне аб нацыянальнай мастацкай традыцыі і літаратурным класічным тэксце ў аспекце камунікатыўна-дыялогавай і адукацыйна-выхаваўчай стратэгіі, культывавання кананічных класічных формаў, прадставіць яе ў якасці асаблівага культурастваральнага кангламерату, які валодае невычэрпным эстэтычным патэнцыялам, што задае ўзоры светаўспрымання, сацыяльных паводзін, а таксама магчымыя кірункі іх развіцця, выступаючы ў ролі кадыфікатара каштоўнасцей і сэнсаў культуры.

Мастацкая традыцыя, паводле пераканання В.А. Максімовіча, аказвае вялікі ўплыў на грамадства, сістэму дзяржаўнага кіравання, навуковую, культурную, адукацыйную сферы, на забеспячэнне гуманітарнай бяспекі ў сувязі з рызыкамі, звязанымі з разгортваннем сусветных глабалізацыйных працэсаў. Аўтар пераконвае, што нацыянальная мастацкая традыцыя ў яе ўніверсальным значэнні выступае гарантам устойлівасці, стабільнасці функцыянавання ўсяго сацыякультурнага арганізму як неабходнай перадумовы для яго далейшага паўнавартаснага развіцця. У сваім сукупным выражэнні распрацоўкі вядомага даследчыка-гуманітарыя адкрываюць новыя перспектывы для больш шырокага задзейнічання вялізнага мастацка-эстэтычнага патэнцыялу нацыянальнай мастацкай традыцыі ў развіцці інтэркультурных сувязей, захаванні этычных і эстэтычных матрыц грамадскай свядомасці, якія спрыяюць выпрацоўцы духоўных запытаў.

Вынікі сваіх навуковых росшукаў В.А. Максімовіч рэалізуе ў навукова-даследчых работах, у тым ліку і па лініі Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў Пад яго кіраўніцтвам паспяхова выкананы наступныя значныя праекты: «Філасофія сучаснага літаратурнага працэсу: каштоўнасныя і светапоглядныя аспекты (на прыкладзе беларускай літаратуры 2-ой паловы ХХ – пачатку ХХI ст.» (2011–2013), «Сацыякультурнае вымярэнне традыцыі: анталагічныя і светапоглядныя дамінанты» (2014–2016), «Шматмернасць экзістэнцыяльна-анталагічнага дыскурсу як праблема сучаснай філасофіі і мастацкай творчасці» (2017–2019), «Філасофска-анталагічнае і мастацкае вымярэнне культуры ў кантэксце сучасных праблем метадалогіі гуманітарнага пазнання» (2019–2021), а таксама асобны праект «Нацыянальная культура ў кантэксце сацыякультурных трансфармацый» (2019–2021).

Інтэнсіўная і плённая навукова-арганізацыйная дзейнасць В.А. Максімовіча накіравана на развіццё міжнародных навукова-тэхнічных і гуманітарных сувязей, павышэнне і ўсебаковую рэалізацыю экспартных магчымасцей беларускага гуманітарнай навукі, стварэнне пазітыўнага іміджу Рэспублікі Беларусь як значнага інтэлектуальнага і культурнага цэнтра на еўрапейскім кантыненце, краіны з вялікім інвестыцыйным патэнцыялам у галіне прыродазнаўчых, навуковых і сацыяльна-гуманітарных ведаў. В.А. Максімавіч прымае актыўны ўдзел у шматлікіх міжнародных навуковых і гуманітарных праектах, рэгулярна выступае з дакладамі і прэзентацыямі на буйных навуковых форумах у розных краінах свету (Расія, Літва, Польшча, Малдова, Македонія і інш.). Неаднаразова выступаў арганізатарам і куратарам шэрагу міжнародных канферэнцый у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку пад эгідай ЮНЕСКА, у якіх прымалі ўдзел вядомыя навукоўцы, палітыкі, дыпламаты, парламентарыі.

Жадаем шаноўнаму Валерыю Аляксандравічу новых значных поспехаў у навуковай і педагагічнай дзейнасці, шматлікіх адкрыццяў і здзяйсненняў на карысць беларускай акадэмічнай навукі!

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ,
старшы навуковы супрацоўнік
Інстытута філасофіі


Іншыя навіны


Новыя публікацыі