Інстытут філасофіі запрашае у Нацыянальны мастацкі музей на другую лекцыю з серыі па этнафіласофіі беларусаў

26.02.2023

26 лютага 2023 г. у 14:00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у рамках праекта Інстытута філасофіі НАН Беларусі «Навука мастацтва і мастацтва навукі» адбудзецца лекцыя «Этнакасмалогія. Хранатоп беларускай традыцыйнай культуры», якая стане другой гутаркай з цыкла пра беларускую традыцыйную карціну свету, пра яе ўнутраныя сэнсы і сувязі і пра новую навуку – этнафіласофію, якая яе даследуе, (рэ)канструюе і інтэрпрэтуе. Лекцыю прачытае доктар сакральнай тэалогіі, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Ірына Дубянецкая.

Папярэдняя рэгістрацыя не патрабуецца. Наведванне лекцыі па ўваходным білеце ў галоўны корпус Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь па адрасе г. Мінск, вул. Леніна, 20.

Анатацыя

Дні, поўныя працы, перамяжаюцца ў нязменнай паслядоўнасці з днямі святочнымі. Добрае суіснуе з кепскім, свойскае – з дзікім і непадуладным чалавеку. У жыццці традыцыйнай супольнасці ўсё выверана, вызначана, усяму ёсць свой час і сваё месца. Але вось чалавек узіраецца ў зорнае неба і адчувае сябе “сам-насам з Сусветам” (Р. Барадулін). І ўжо ўсё выверанае жыццё набывае новы кантэкст, аказваецца ўпісаным ў космас, і мяняюцца разуменні маштабаў, зместу і самога сэнсу гэтага жыцця. І чалавек імкнецца спасцігнуць космас, назірае яго і бачыць, што і там усё выверана, усё мае свой час і месца, свой рытм і меру, і гэта ўсё нейкім чынам вызначае, адлюстроўвае або тлумачыць з’явы, падзеі, праявы жыцця чалавека і ўсяе супольнасці.

Беларуская этнакасмалогія даследуе, як, паводле народнай традыцыі, уладкаваны космас, як суадносяцца прастора і час, як ўпісаны ў вялікі сусвет той свет, які творыць і якім апекуецца чалавек, як фармуюцца і функцыянуюць мірыяды сувязей паміж рознымі сферамі і фактарамі таго неабдымнага, складанага, мудрагелістага, але прыгожага і гарманічнага Ўсяго, якое завецца Рэчаіснасць. А таксама, адкуль і чаму паўстаюць вобразы беларускай карціны свету, як яны суадносяцца з вобразамі іншых культур у часава-прасторамым кантынуўме нашай цывілізацыі.

Галерэя

Націсніце на малюнак, каб павялічыць

Іншыя навіны


Новыя публікацыі