Дырэктар Інстытута філасофіі Анатолій Лазарэвіч прыняў удзел у XXІV Сусветным філасофскім кангрэсе

10.09.2018

З 13 па 20 жніўня 2018 г. дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі Анатолій Аркадзьевіч Лазарэвіч прыняў удзел у XXІV Сусветным філасофскім кангрэсе, які прайшоў у Пекіне (КНР). Філасофскія форумы такога высокага ўзроўню праводзяцца раз у пяць гадоў пад эгідай Сусветнай федэрацыі філасофскіх таварыстваў у адной з краін свету, вядомых сваімі традыцыямі і дасягненнямі ў галіне філасофіі. У кангрэсе прынялі ўдзел больш за чатыры тысячы чалавек, якія прадстаўляюць навуковыя, грамадскія, гуманітарныя, культурныя і іншыя арганізацыі і ўстановы.

Праграма кангрэса была прадстаўлена пяццю тэматычнымі пленарнымі сесіямі, прысвечанымі розным пытанням: духоўнасць у яе сучасным чытанні; свядомасць і самасвядомасць чалавека, яго свабода, адказнасць, захаванне асобаснай ідэнтычнасці; спецыфіка фарміравання камунікатыўнай сацыяльнасці (сям’я, карпарацыя, супольнасць, чалавецтва) у прасторы сучасных выклікаў і пагроз; ўзаемадзеянне свету чалавека і свету прыроды; роля традыцый у інавацыйнай дынаміке культуры. Навукова-дыскурсыўнай асновай кангрэса стала праца дзесяці сімпозіумаў, амаль сотні спецыяльных секцый, больш чым ста круглых сталоў, некалькіх дзесяткаў запрошаных сесій, на якіх навукоўцы з Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Еўропы мелі магчымасць абмеркаваць розныя праблемы сучаснасці, сярод якіх можна вылучыць наступныя: нацыяналізм і глабальны ўніверсалізм, сацыяльна-эканамічны прагматызм і ўстойлівае развіццё, асаблівасці лацінаамерыканскага, афрыканскага або еўрапейскага разумення гуманнасці, сувязь свядомасці, цялеснасці і эмоцый, межы навукова-тэхнічнага прагрэсу і інш. Акрамя таго ў рамках кангрэса былі прачытаны лекцыі, прысвечаныя кітайскім і еўрапейскім мысліцелям.

Пад эгідай расійскага і беларускага філасофскіх таварыстваў была арганізавана запрошаная сесія «Глабальны свет: сутыкненне інтарэсаў», круглы стол «Еўразійская філасофія: традыцыі, сучаснасць і будучыня», а таксама асобная канферэнцыя ў сценах Інстытута філасофіі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук, прысвечаная праблемам развіцця нацыянальнай філасофіі . Дадзеныя мерапрыемствы з’явіліся добрай пляцоўкай для папулярызацыі дасягненняў айчыннай філасофскай думкі, абмеркавання ключавых праблем сучаснасці, пастаўленых у тым ліку і ў час працы Першага беларускага філасофскага кангрэса ў канцы мінулага года.

Дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі Лазарэвіч А.А. правёў перамовы з шэрагам навукоўцаў і навуковых дэлегацый з Расіі, Казахстана, Азербайджана, Кітая, Японіі, ЗША, Італіі, Чэхіі, Нарвегіі. Прадметам перамоваў з’явілася паглыбленне раней устаноўленых і развіццё існуючых навуковых сувязяў паміж Інстытутам філасофіі НАН Беларусі, Беларускім філасофскім грамадствам і замежнымі навукоўцамі, навуковымі арганізацыямі з мэтай папулярызацыі айчыннай філасофскай навукі, падрыхтоўкі сумесных даследчых праектаў па актуальных праблемах сучаснага сацыяльна-гуманітарнага развіцця.

Галерэя

Націсніце на малюнак, каб павялічыць

Іншыя навіны


Новыя публікацыі