Антаніна Сцебур выступіла з лекцыяй у Iнтэлектуальным клубе «Жанчыны ў філасофіі»

13.07.2018

11 ліпеня 2018 г. на чарговым паседжанні Інтэлектуальнага клуба «Жанчыны ў філасофіі» адбылася публічная лекцыя «Фемінісцкі дыскурс у беларускім сучасным мастацтве». Лектар – Антаніна Сцебур – магістар сацыялогіі, куратар і даследчыца, аўтар публікацый аб сучасным мастацтве. Сярод яе праектаў: ​​выстава беларускага сучаснага мастацтва «Zabor» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі; дабрачынны выставачны праект «Імёны»; выставачныя праекты «Кандэнсат» і «Каранцін». Лекцыю наведалі навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, мастакі, прадстаўнікі арт- і грамадзянскай супольнасці.
Дакладчыца адзначыла, што сусветная мастацкая супольнасць даўно знаёма з паняццем фемісцкага мастацтва. Яшчэ ў 60–70-х гадах мінулага стагоддзя арт-фемінізм праявіў сябе як кірунак, прыхільнікі якога выступаюць за права жанчын быць прызнанымі і ўпісанымі ў сусветную гісторыю культуры. Пачатак быў пакладзены групай WAR (“Women Artists in Revolution” / «Жанчыны-мастачкі бунтуюць»), намаганні якой знаходзіліся ў полі роўнай прадстаўленасці жанчын і мужчын у арт-асяроддзі. Аднак, нягледзячы на ​​працяглы час існавання фемісцкага мастацтва, беларуская мастацкая прастора застаецца не ў поўнай меры ўключанай ў дадзены дыскурс. У некаторых выпадках можна казаць аб свядомым адмежаваннi ад фемінізму або яго ігнараванні нават з пункту гледжання даследчай цікавасці. Тым не менш, А. Сцебур падкрэсліла, што прадстаўнікі арт-супольнасці так ці інакш закранаюць гендэрную праблематыку ў сваіх працах, даследуюць патрыярхальныя патэрны, што укаранёныя ў калектыўнай свядомасьці і праяўляюцца ў індывідуальным досведзе. Сярод аўтараў такіх работ можна адзначыць Ж. Гладко, А. Слабодчыкава, С. Шабохіна, М. Святагор і інш. Пачаткам дыскусіі аб фемінісцкiх практыках ў беларускай арт-прасторы можна лічыць круглы стол «Ці магчыма ў Беларусі фемінісцкае мастацтва?» (2012), падчас якога абмяркоўваліся пытанні спецыфікi медыадыскурса, якi апісвае жаночае мастацтва, выключэнне беларускiх мастачак з гісторыі мастацтва, існаванне ў Беларусі сімвалічнай прасторы для фемінiсцкага мастацтва.
На думку А. Сцебур, немагчыма вылучыць адзіны сістэмны, паслядоўны, канцэптуальны падыход у працах гэтых мастакоў i мастачак. Аднак жанрава, тэматычна выяўляецца імкненне да рэфлексіі наконт уладных практык, шаблонаў і матрыц ўспрымання сваёй ідэнтычнасцi, схем паводзін і тых сацыяльных канструктаў, што складаюць аснову беларускага грамадства. Стратэгіі, якія выкарыстоўваюцца мастакамі, вельмі разнастайныя, іх візуальная мова зведала мноства трансфармацый, яна «расце» з той сацыяльнай рэальнасці, у якую пагружаныя яны самі. Напрыклад, працы А. Слабодчыкавай выкананы ў знарочыста «беднай» эстэтычнай манеры, з выкарыстаннем матэрыялаў, якія лёгка знайсці у побыце. Гэта дазваляе ёй адлюстроўваць асаблівасці жаночага паўсядзённага досведу. Серыя «Яно тут» (2010) накіравана на даследаванне таго, якім чынам канструюецца медыйны вобраз жанчыны, як адбываецца яе перавод з суб’екта ў аб’ект і крыніцу асалоды.
Падсумоўваючы, А. Сцебур падкрэсліла, што існуе мноства прыкладаў таго, як мастацтва узаемадзейнічае з асяроддзем, з супольнасцямі, трансфармуе іх і само якасна змяняецца, узбагачаецца новымі мастацкімі практыкамі, новымі моўнымі сродкамі. У гэтым узаемадзеянні мы маем магчымасць звярнуцца да свайго асабістага і нашага сумеснага вопыту пражывання, пашырыць межы ўспрымання і даследчыя гарызонты. У полі беларускага сучаснага мастацтва застаецца мноства пытанняў і задач, што датычацца арт-асяроддзя і мастацкага зместа, які яно стварае. Гэтыя пытанні часта з’яўляюцца нераскрытымі, а многія з іх яшчэ толькі трэба будзе вывесці на паверхню. Уяўляецца, што падобная праца павінна насіць сістэмны характар, набыць свае канцэптуальныя рамкі.

Галерэя

Націсніце на малюнак, каб павялічыць

Іншыя навіны


Новыя публікацыі