Абмеркаванне кнігі Марты Нуссбаўм адбылося ў Інтэлектуальным Клубе “Жанчыны ў філасофіі”

23.06.2017

22 чэрвеня 2017 г. ў фармаце рыдзінг-семінара адбылася чарговая сустрэча ўдзельніц Клуба. Гэтым разам мерапрыемства прайшло ў нефармальнай атмасферы на свежым паветры ў Цэнтральным Батанічным садзе НАН Беларусі. Прысутнічалі прадстаўніцы БДЭУ, БДУ, БДПУ імя М. Танка, Інстытута філасофіі НАН Беларусі.
Сустрэча была прысвечана абмеркаванню кнігі амерыканскай даследчыцы Марты Нуссбаўм “Не дзеля прыбытку. Навошта дэмакратыі патрэбны гуманітарныя навукі”. Рыдзінг-семінар быў прымеркаваны да 70-гадовага юбілею М. Нуссбаўм – выбітнага філосафа сучаснасці, якая атрымала прэмію Кіота 2016 г. (штогадовая узнагарода за дасягненні ў навуцы, тэхналогіі i культуры, унёсак у сусветную цывілізацыю, дзейнасць на карысць чалавецтва; у намінацыі “Філасофія i этыка” прэмія ўручаецца адзін раз на чатыры гады) з фармуліроўкай «A Philosopher Who Has Developed a New Theory of Justice Advocating the Capabilities Approach». Ідэі даследчыцы ўжо былі выкарыстаны ў Індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу, які публікуецца штогод , пачынаючы з 1990 г. М. Нуссбаўм адыграла ключавую ролю ў распрацоўцы i канцэптуалізацыі падыходу, які быў пакладзены ў аснову Індэкса.
Дзякуючы семінару ўдзельніцы атрымалі магчымасць азнаёміцца з творчасцю філосафа i абмеркаваць галоўныя ідэі ў кантэксце сусветных тэндэнцый ў сферы гуманітарных даследванняў i распрацоўкi новай мадэлі адукацыі. Асобную зацікаўленнасць выклікала ідэя выхавання грамадзяніна сусвету. Таксама ўдзельніцы разглядалі пытанні, звязаныя з актуалізацыяй патэнцыялу педагогікi Сакрата ва ўмовах так званага “неабвешчанага крызісу” гуманітарных навук. Абмяркоўвалі розныя аспекты прапанаванай М. Нуссбаўм мадэлі адукацыі, якая накіравана на пошук выйсця з гэтага крызісу і дасягненне дабрабыту. Даследчыца робіць акцэнт на немагчымасці пасіўнай адукацыі і неабходнасці развіцця культуры роўнасці i крытычнага мыслення сродкамі новай мадэлі адукацыі.

Галерэя

Націсніце на малюнак, каб павялічыць

Іншыя навіны


Новыя публікацыі