Інстытут філасофіі НАН Беларусі адзначае 85-летні юбілей

19.03.2016

19 сакавіка 2016 года Інстытуту філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі спаўняецца 85 гадоў.

Наш інстытут – не проста адна з найстарэйшых навукова-даследчых устаноў у рэспубліцы, але і найважнейшы цэнтр філасофскага пошуку і інтэлектуальнай культуры, калыска беларускай акадэмічнай філасофскай школы, якая карыстаецца аўтарытэтам у краіне і за мяжой.

У скарбонцы нашага інстытута – прыкметныя навуковыя публікацыі, якія з цікавасцю чытаюць, пра якія спрачаюцца; буйныя міжнародныя навуковыя форумы, што не раз збіралі гасцей з чатырох кантынентаў; ганаровыя нацыянальныя і міжнародныя ўзнагароды. Але галоўнае багацце інстытута – безумоўна, яго таленавітыя навукоўцы, вопытныя і маладыя даследчыкі, – сапраўдныя нашчадкі тысячагадовай традыцыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі і тыя, хто будзе вызначаць аблічча беларускай духоўнасці і культуры ў XXI стагоддзі.

Ад усёй душы віншуем усіх супрацоўнікаў Інстытута філасофіі НАН Беларусі, усіх тых, чый лёс звязаны з дзейнасцю гэтага навуковага цэнтра: хто навучаўся тут у аспірантуры і дактарантуры, абмяркоўваў тут свае навуковыя працы, абараняў дысертацыі, а таксама ўсіх нашых калег, удзельнікаў канферэнцый, партнёраў па міжнародным супрацоўніцтве, – з гэтым слаўным юбілеем!

Нагадваем вам, сябры, што асноўныя мерапрыемствы ў гонар 85-годдзя беларускай акадэмічнай філасофіі пройдуць у красавіку-маі бягучага года. Гэта міжнародная навуковая канферэнцыя “Філасофскія веды і выклікі цывілізацыйнага развіцця” (21-22.04.2016 г.), фінал конкурсу філасофскіх прац студэнтаў і магістрантаў, а таксама прымеркаваныя да юбілею прэзентацыі, выдавецкія праекты.

[fb_button]


Іншыя навіны


Новыя публікацыі