Круглы стол«Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча і сучасныя выклікі беларускаму светапогляду

Інстытут філасофіі НАН Беларусі запрашае прыняць удзел у круглым стале “«Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча і сучасныя выклікі беларускаму светапогляду”.

Мерапрыемства прысвечана творчасці выдатнага мысляра міжваеннай Беларусі Ігната Канчэўскага (Абдзіраловіча). У 1921 годзе Ігнат Канчэўскі (1896 – 1923) у сваім філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» прапанаваў шэраг тэм і ідэй, якія сталі вызначальнымі для беларускага мыслення на стагоддзе наперад. Беларуская ідэнтычнасць як ідэнтычнасць цывілізацыйнага і культурнага памежжа; неабходнасць суб’ектнасці і «духа жывога», без якіх не можа быць «выразнай культуры»; нацыянальная гісторыя як дыялектыка прыгнёту і вызвалення, «свайго» і «чужога»; грамадскія і сацыяльныя формы, што непазбежна становяцца пасткай і перашкодай і мусяць змяняцца, – разам з ідэяй (утопіяй) «ліючайся формы» і імператывам «творачы зруйнуем» гэтыя тэмы склалі аснову і залаты фонд беларускай філасофскай рефлексіі. На круглым стале плануецца, па-першае, падсумаванне і кадыфікацыя «лініі Абдзіраловіча» ў беларускай філасофіі і, па-другое, адкрыццё праблемнага поля ў будучыню, разгляд сучасных цывілізацыйных выклікаў і магчымых інтэлектуальных адказаў.

Мадэратар дыскусіі: І.М. Бабкоў, к.ф.н., дацэнт.

Дата і месца: 13 кастрычніка 2021 г. (14:00 — 17:00); г. Мінск, вул. Сурганава 1, корпус 2, ауд. 302.
Ад удзельнікаў трэба падаць: назву даклада, прозвішча, імя, месца працы альбо пасада, фармат удзелу (магчыма ўдзельнічаць у якасці слухача)


Іншыя мерапрыемствы