Адбылася прэзентацыя серыі кніг «Традыцыйны светалад беларусаў» і сустрэча з аўтарскім калектывам
21 жніўня 2025 г. ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя кніг серыі «Традыцыйны светалад беларусаў» і сустрэча з аўтарскім калектывам.
Ужо некалькі гадоў супрацоўнікі Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працуюць над праектам беларускай этнафіласофіі і выданнем серыі навукова-папулярных ілюстраваных альбомаў «Традыцыйны светалад беларусаў». Пабачылі свет кнігі пра касмалогію, сферу сакральнага і народную тэалогію, чалавека, і зусім нядаўна выйшла новая, чацвёртая кніга – «Грамадства».
Багата ілюстраваныя выданні на беларускай, рускай і англійскай мовах асвятляюць асноўныя ідэі беларускай этнафіласофіі і папулярызуюць дасягненні айчыннай гуманітарнай навукі. Трохмоўныя тэксты кнігі ў якасці дапаможнага матэрыялу могуць знайсці прымяненне ў навучальнай і выхаваўчай працы, а таксама турыстычнай індустрыі з мэтай знаёмства замежнікаў з традыцыйным светабачаннем беларусаў.
Аўтары і стваральнікі праекта распавялі пра ідэю кніг па беларускай народнай філасофіі, перыпетыі навукова-творчага працэсу і папулярызацыю этнакультуры. Расказалі пра метафізіку народнай культуры, светамыслення і інтэлектуальнай традыцыі, узаемадзеянні архаікі і мадэрну і іх інтэрпрэтацыі ў сённяшні час, ідэях і сэнсах, закладзеных у кнігі пра традыцыйны светалад беларусаў. Акрэслены асаблівасці беларускай мастацкай традыцыі, адлюстраваныя ў малюнках і афармленні, метафорыка і шматслойнасць сюжэтаў і вобразаў, выкарыстаных у ілюстрацыях, мастацкія канцэпцыі і сэнсы, якія працінаюць усе кнігі серыі.
Прэзентацыя выклікала нямалую цікавасць у публікі, жывую рэакцыю і захапляльны дыялог.
Галерэя


