Падпісана пагадненне аб стварэнні Беларуска-кітайскага філасофска-культурнага цэнтра
На мінулым тыдні ў г. Мінску знаходзілася з візітам дэлегацыя Ліннаньскага педагагічнага ўніверсітэта (правінцыя Гуандун, Кітай) на чале з прарэктарам праф. Лан Янцзы. Асноўная ўвага ў ходзе візіту была нададзена знаёмству з дасягненнямі і патэнцыялам беларускай акадэмічнай філасофскай школы, прапрацоўцы механізмаў супрацоўніцтва Ліннаньскага ўніверсітэта з Інстытутам філасофіі НАН Беларусі. Гэтая праца накіравана на выкананне дамоўленасці, дасягнутай у сакавіку гэтага года паміж рэктарам універсітэта, прафесарам Лю Мінгуем і Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусаковым. Тады было прынята прынцыповае рашэнне стварыць на аснове супрацоўніцтва акадэмічнага Інстытута філасофіі і аўтарытэтнага кітайскага навукова-адукацыйнага цэнтра сумеснае падраздзяленне па вывучэнні філасофскіх традыцый дзвюх краін і іх ролі ў сучасным грамадскім развіцці.
Зараз гэтая ідэя атрымала практычнае ўвасабленне. Яно замацавана рамачным пагадненнем аб стварэнні Беларуска-кітайскага філасофска-культурнага цэнтра, якое падпісалі спадарыня Лан Янцзы і дырэктар Інстытута філасофіі А.А. Лазарэвіч ў прысутнасці Міністраў адукацыі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі І.У. Карпенкі і Чэнь Баашэна 26 чэрвеня 2017 года.
Абмеркаванне шляхоў і напрамкаў працы новай структуры адбылося 28 чэрвеня ў сценах Інстытута філасофіі ў ходзе круглага стала, удзельнікамі якога сталі кіраўнікі дзвюх арганізацый, а таксама дырэктар Аддзела міжнароднага абмену і навуковага супрацоўніцтва Линнаньского універсітэта Жэн Жыюн, вядучыя вучоныя дзвюх арганізацый. Вырашана, што цэнтр будзе не толькі арганізоўваць сумесныя навуковыя даследаванні, але і забяспечыць падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі для КНР на базе НАН Беларусі, стажыроўку маладых беларускіх даследчыкаў у Кітаі.
Афіцыйная прэзентацыя цэнтра адбудзецца падчас Першага беларускага філасофскага кангрэса