Наука                    Культура                    Сотрудничество                    Библиотека                    Медиатека

EN    


Главная - - Культура - Законодательство - ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ АБ КУЛЬТУРЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

ГЛАВА 1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

 

Артыкул 1. Асноўныя паняцці, якія прымяняюцца ў гэтым Законе

1. У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя паняцці і іх азначэнні:

1.1. культура – сукупнасць культурных каштоўнасцей, арыентаваных на задавальненне духоўных патрэбнасцей людзей і створаных (пераўтвораных) у выніку дзейнасці чалавека або цесна звязаных з такой дзейнасцю;

1.2. культурная дзейнасць – дзейнасць па стварэнню, аднаўленню (адраджэнню), захаванню, ахове, вывучэнню, папулярызацыі, выкарыстанню і распаўсюджванню культурных каштоўнасцей, эстэтычнаму выхаванню, мастацкай і культуралагічнай адукацыі, арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва;

1.3. культурныя каштоўнасці – створаныя (пераўтвораныя) чалавекам або цесна звязаныя з яго дзейнасцю матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якія маюць мастацкае, гістарычнае, навуковае або іншае значэнне;

1.4. дзяржаўная палітыка ў галіне культуры – комплекс мер, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь па захаванню, развіццю і распаўсюджванню культуры, арганізацыйнаму, прававому, фінансаваму, матэрыяльна-тэхнічнаму, кадраваму, інфармацыйнаму і іншаму забеспячэнню культурнай дзейнасці;

1.5. аб’екты культурнай інфраструктуры – будынкі, збудаванні, памяшканні і іншая нерухомая маёмасць, якія прызначаны (выкарыстоўваюцца) для ажыццяўлення і забеспячэння культурнай дзейнасці;

1.6. арганізацыя культуры – юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе ў якасці асноўнай дзейнасці культурную дзейнасць;

1.7. дзеячы культуры і мастацтва – работнікі культуры, творчыя работнікі, якія маюць ганаровыя званні ў галіне культуры;

1.8. калектыў мастацкай творчасці – аб’яднанне фізічных асоб, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю;

1.9. манапалізм у культуры – дзеянні (бяздзеянне) суб’ектаў культурнай дзейнасці (за выключэннем фізічных асоб), якія супярэчаць гэтаму Закону, накіраваны на недапушчэнне, абмежаванне або ўстараненне канкурэнцыі і таксама наносяць шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян у галіне культуры;

1.10. мастацкая творчасць – стварэнне і (або) выкананне твораў мастацкай літаратуры і мастацтва;

1.11. работнік культуры – фізічная асоба, якая знаходзіцца ў працоўных адносінах з арганізацыяй культуры на падставе заключанага працоўнага дагавора (кантракта) і займаецца культурнай дзейнасцю;

1.12. творчая дзейнасць – від культурнай дзейнасці, які ўключае мастацкую творчасць і іншую інтэлектуальную дзейнасць, што завяршаецца з’яўленнем новага, не існаваўшага раней самастойнага выніку інтэлектуальнай дзейнасці ў галіне культуры.

2. Змест асобных паняццяў, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, вызначаецца ў адпаведных артыкулах гэтага Закона.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб культуры і адносіны, якія ім рэгулююцца

1. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб культуры грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства, у тым ліку міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць грамадскія адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем і забеспячэннем культурнай дзейнасці.

2. Калі міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца нормы міжнароднага дагавора.

3. Гэты Закон і іншыя акты заканадаўства аб культуры рэгулююць грамадскія адносіны ў наступных напрамках:

3.1. ахова гісторыка-культурнай спадчыны;

3.2. бібліятэчная справа;

3.3. дзейнасць творчых саюзаў і творчых работнікаў;

3.4. кінематаграфія;

3.5. музейная справа;

3.6. народнае мастацтва, народныя промыслы (рамёствы);

3.7. гастрольна-канцэртная дзейнасць;

3.8. выдавецкая справа ў частцы, звязанай з выданнем твораў літаратуры, якія маюць значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання культуры, дзейнасць па распаўсюджванню і папулярызацыі ўказаных выданняў;

3.9. дзейнасць па арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва;

3.10. дзейнасць па стварэнню аб’ектаў культурнай інфраструктуры, вытворчасці (вырабу) інструментаў, абсталявання і іншай маёмасці, прызначаных для ажыццяўлення і забеспячэння культурнай дзейнасці;

3.11. дзейнасць па эстэтычнаму выхаванню, мастацкай і культуралагічнай адукацыі;

3.12. дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі ў частцы, звязанай са стварэннем, выкарыстаннем, распаўсюджваннем і папулярызацыяй культурных каштоўнасцей;

3.13. мастацкая творчасць;

3.14. міжнароднае культурнае супрацоўніцтва;

3.15. навукова-даследчая і метадычная дзейнасць у галіне культуры;

3.16. прафесійная дзейнасць у галіне мастацкай літаратуры;

3.17. прафесійная дзейнасць у галіне мастацтва;

3.18. іншыя напрамкі, звязаныя з ажыццяўленнем і забеспячэннем культурнай дзейнасці, калі іншае не вызначана гэтым Законам.

Артыкул 3. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры

Заканадаўствам устанаўліваецца крымінальная, адміністрацыйная, дысцыплінарная, матэрыяльная і іншая адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры.

Артыкул 4. Суб’екты культурнай дзейнасці

1. Суб’ектамі культурнай дзейнасці з’яўляюцца:

1.1. работнікі культуры, іншыя фізічныя асобы;

1.2. арганізацыі культуры;

1.3. суб’екты творчай дзейнасці:

творчыя работнікі і іншыя фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць творчую дзейнасць;

калектывы мастацкай творчасці;

1.4. дзяржаўныя органы;

1.5. органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;

1.6. навукова-даследчыя ўстановы і ўстановы адукацыі ў галіне культуры;

1.7. іншыя юрыдычныя асобы.

2. У выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі аб культуры, суб’ектамі культурнай дзейнасці могуць выступаць падраздзяленні юрыдычных асоб, у тым ліку адасобленыя.

Артыкул 5. Ажыццяўленне і забеспячэнне культурнай дзейнасці

1. Суб’екты культурнай дзейнасці маюць права ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства ажыццяўляць і (або) забяспечваць культурную дзейнасць.

2. Асноўнымі прынцыпамі ажыццяўлення і забеспячэння культурнай дзейнасці з’яўляюцца:

2.1. свабода мастацкай творчасці і іншай творчай дзейнасці, самаразвіццё творчых працэсаў;

2.2. разнастайнасць напрамкаў, форм, жанраў і стыляў у творчай дзейнасці, недапушчальнасць манапалізму ў культуры і манапалізацыі культурнай дзейнасці;

2.3. прыярытэт развіцця беларускай нацыянальнай культуры;

2.4. агульнадаступнасць культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах;

2.5. роўнасць суб’ектаў культурнай дзейнасці перад законам, недапушчальнасць устанаўлення пераваг і прывілей у галіне культуры, якія супярэчаць закону;

2.6. арыентацыя на нацыянальныя і агульначалавечыя каштоўнасці, культурныя каштоўнасці, якія носяць высокамастацкі і высокамаральны характар;

2.7. гуманістычная накіраванасць і ўзмацненне асобаснага пачатку ў культурнай дзейнасці;

2.8. усямерная ахова, захаванне, рацыянальнае выкарыстанне і памнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны і інтэлектуальнай уласнасці ў галіне культуры;

2.9. свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;

2.10. узаемадзеянне беларускай нацыянальнай культуры з культурамі іншых народаў і яе інтэграцыя ў сусветную культуру;

2.11. спалучэнне дзяржаўных і грамадскіх пачаткаў у арганізацыі культурнай дзейнасці і кіраванні ёю.

Артыкул 6. Свабода творчай дзейнасці

1. Свабода творчай дзейнасці складаецца з права выбару сфер, напрамкаў (школ), форм, прыёмаў і метадаў творчай дзейнасці, самастойнага вызначэння формы і зместу, жанру, мовы, стылю, годнасці і прызначэння ствараемых твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, рэпертуару выконваемых твораў, мовы, стылю і манеры выканання.

2. Умяшанне дзяржаўных органаў (арганізацый), іх службовых асоб, юрыдычных і фізічных асоб у працэс стварэння і (або) выканання суб’ектамі творчай дзейнасці твораў мастацкай літаратуры і мастацтва (далей – творчы працэс) з мэтай вызначыць змест творчага працэсу і (або) уздзейнічаць на яго вынікі не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі вынікі творчага працэсу:

2.1. могуць быць накіраваны супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, заклікаюць да гвалтоўнага захопу дзяржаўнай улады або змянення канстытуцыйнага ладу;

2.2. змяшчаюць і распаўсюджваюць паведамленні, што знеслаўляюць гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, статус якіх устаноўлены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь;

2.3. прапагандуюць вайну, гвалт і жорсткасць, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, расавую выключнасць, нецярпімасць або варожасць, парнаграфію, падбухторваюць да ўчынення злачынстваў;

2.4. змяшчаюць інфармацыю аб спосабах забойства чалавека, вырабу прылад і сродкаў забойства;

2.5. могуць прычыніць шкоду здароўю і маральнасці чалавека;

2.6. у іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

3. Не з’яўляюцца ўмяшаннем у творчы працэс дзеянні, заснаваныя на дагаворы з суб’ектам творчай дзейнасці аб стварэнні і выкарыстанні вынікаў творчага працэсу.

4. Любое ўмяшанне ў творчы працэс суб’екта творчай дзейнасці можа быць абскарджана ў суд у адпаведнасці з заканадаўствам.

Артыкул 7. Ажыццяўленне творчай дзейнасці

1. Творчая дзейнасць, уключаючы аўтэнтычна-фальклорную дзейнасць, ажыццяўляецца як на прафесійнай, так і на непрафесійнай (аматарскай) аснове.

2. Творчая дзейнасць ажыццяўляецца як індывідуальна, так і на калектыўнай аснове.

Артыкул 8. Сацыяльна-творчыя заказы

1. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы маюць права размяшчаць у суб’ектаў культурнай дзейнасці з іх згоды сацыяльна-творчыя заказы з мэтай стымулявання творчага пошуку, падтрымкі таленавітых аўтараў і выканаўцаў, рашэння іншых сацыяльна-культурных задач.

2. Сацыяльна-творчы заказ – дагавор на стварэнне новых твораў мастацкай літаратуры, фільмаў, тэатральных пастановак і канцэртных праграм, іншых вынікаў творчай дзейнасці, арганізацыю і правядзенне выставак, фестываляў, аглядаў, конкурсаў, іншых культурных мерапрыемстваў, аказанне паслуг у галіне культуры.

Артыкул 9. Парадак распаўсюджвання і папулярызацыі вынікаў творчай дзейнасці

1. Суб’екты культурнай дзейнасці, якія распаўсюджваюць і (або) папулярызуюць вынікі творчай дзейнасці, маюць права самастойна вызначаць рэпертуарную палітыку і змест культурных праграм, распаўсюджваць і (або) папулярызаваць творы мастацкай літаратуры і мастацтва, розныя па відах, напрамках (школах), форме і зместу, жанры, мове, стылю, папулярызаваць творчасць розных аўтараў, выканаўцаў і калектываў мастацкай творчасці.

2. Забараняюцца распаўсюджванне і (або) папулярызацыя твораў мастацкай літаратуры і мастацтва ў выпадках, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 6 гэтага Закона.

3. Парадак прыняцця рашэнняў аб забароне або абмежаванні апублікавання, публічнага выканання і паказу твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, абнародавання іх іншым спосабам, аб забароне або абмежаванні правядзення іншых культурных мерапрыемстваў у выпадках, прадугледжаных пунктам 2 артыкула 6 гэтага Закона, а таксама дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя на прыняцце такіх рашэнняў, вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

4. Рашэнне дзяржаўнага органа, дзеянні ўказанага органа або яго службовай асобы, звязаныя з забаронай або абмежаваннем абнародавання твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, а таксама з забаронай або абмежаваннем правядзення культурных мерапрыемстваў, могуць быць абскарджаны ў суд у адпаведнасці з заканадаўствам.

5. Асаблівасці парадку распаўсюджвання і (або) папулярызацыі вынікаў творчай дзейнасці ў ходзе правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў устанаўліваюцца актамі заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

 

См. также:

ГЛАВА 2. ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА, ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ І КІРАВАННЕ Ў ГАЛІНЕ КУЛЬТУРЫ

 

Поиск по сайту:
по любому из слов по каждому слову

© Национальная академия наук Беларуси, 2011