Наука                    Культура                    Сотрудничество                    Библиотека                    Медиатека

EN    


Главная - - Культура - Законодательство - ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ АБ КУЛЬТУРЫ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

ГЛАВА 2. ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА, ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ І КІРАВАННЕ Ў ГАЛІНЕ КУЛЬТУРЫ

 

Артыкул 10. Асноўныя мэты і прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры

1. Дзяржаўная палітыка ў галіне культуры грунтуецца на прызнанні культуры ў якасці аднаго з галоўных фактараў самабытнасці беларускага народа, іншых нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, пераемнасці пакаленняў, а таксама ў якасці асновы развіцця і самарэалізацыі асобы, адукацыі і выхавання дзяцей і моладзі.

2. Асноўнымі мэтамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры з’яўляюцца:

2.1. забеспячэнне і абарона канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыцці;

2.2. устанаўленне гарантый свабоды мастацкай творчасці і іншай творчай дзейнасці;

2.3. садзейнічанне захаванню, развіццю і распаўсюджванню культуры на карысць інтарэсаў чалавека і грамадства;

2.4. сацыяльная абарона работнікаў культуры і творчых работнікаў;

2.5. абарона грамадскай маралі, сцвярджэнне гуманістычных ідэй і высокіх маральных пачаткаў у грамадскім жыцці, фарміраванне эстэтычнага жыццёвага асяроддзя;

2.6. развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры.

3. Прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры з’яўляюцца:

3.1. захаванне, развіццё і распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры і мовы;

3.2. стварэнне, распаўсюджванне і папулярызацыя твораў мастацкай літаратуры і мастацтва для дзяцей і моладзі;

3.3. стварэнне ўмоў для эстэтычнага выхавання, мастацкай і культуралагічнай адукацыі дзяцей і моладзі;

3.4. папулярызацыя класічных твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, іншых эстэтычных і маральных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры;

3.5. забеспячэнне функцыянавання і развіцця культуры ў сельскай мясцовасці.

Артыкул 11. Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне культуры

Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў галіне культуры ажыццяўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Урадам Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі дзяржаўнымі органамі ў межах іх кампетэнцыі.

Артыкул 12. Напрамкі дзяржаўнага рэгулявання і кіравання ў галіне культуры

Дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць рэгуляванне і кіраванне ў галіне культуры, у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй:

фарміруюць і рэалізуюць дзяржаўную палітыку ў галіне культуры ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі ажыццяўлення і забеспячэння культурнай дзейнасці і прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры, вызначаюць агульную стратэгію сацыяльна-эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця ва ўказанай галіне;

распрацоўваюць і зацвярджаюць дзяржаўныя праграмы захавання і развіцця культуры, забяспечваюць іх выкананне;

пры распрацоўцы дзяржаўных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, іншых дзяржаўных праграм улічваюць магчымасць уздзеяння вынікаў іх рэалізацыі на захаванне і развіццё культуры, а таксама ўздзеяння самой культуры на гэтыя вынікі;

устанаўліваюць і перыядычна пераглядаюць дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты ў галіне культуры, забяспечваюць іх рэалізацыю;

ствараюць дзяржаўныя арганізацыі культуры і кіруюць іх дзейнасцю, садзейнічаюць развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных арганізацый культуры;

ажыццяўляюць планаванне, забяспечваюць праектаванне і будаўніцтва (стварэнне) аб’ектаў культурнай інфраструктуры, неабходных для выканання дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, рэалізацыі дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне культуры;

забяспечваюць уключэнне ў праекты будаўніцтва грамадскіх і жылых будынкаў (комплексаў), забудовы жылых масіваў заданняў па іх мастацкаму афармленню, а таксама спалучэнне архітэктурных рашэнняў новых збудаванняў з існуючай забудовай, прыродным ландшафтам з улікам ахоўных зон нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, выкарыстанне нацыянальных традыцый і прыёмаў забудовы, ландшафтнай архітэктуры з мэтай фарміравання эстэтычнага жыццёвага асяроддзя;

пры фарміраванні рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў на чарговы фінансавы год прадугледжваюць выдзяленне сродкаў на фінансаванне культурнай дзейнасці;

стымулююць культурную дзейнасць, дабрачынную дзейнасць i прадастаўленне бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ў галіне культуры шляхам устанаўлення і прадастаўлення гарантый суб’ектам творчай дзейнасці, ільгот некамерцыйным арганізацыям культуры, а таксама фізічным і юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць дабрачынную дзейнасць i прадастаўленне бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ў галіне культуры;

маральна і матэрыяльна заахвочваюць работнікаў культуры, суб’ектаў творчай дзейнасці, якія ўнеслі значны ўклад у захаванне, развіццё і распаўсюджванне культуры;

аказваюць асаблівую падтрымку юным таленавітым аўтарам і выканаўцам, творчай моладзі, а таксама пачынаючым калектывам мастацкай творчасці;

забяспечваюць у адпаведнасці з заканадаўствам свабодны доступ да культурных каштоўнасцей і культурнай дзейнасці на льготных умовах для інвалідаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, ваеннаслужачых тэрміновай службы, дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў, устаноў, што забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, а таксама для тых, хто мае асаблівыя заслугі перад дзяржавай;

ствараюць спрыяльныя ўмовы для эстэтычнага выхавання, мастацкай і культуралагічнай адукацыі дзяцей і моладзі шляхам гуманітарызацыі ўсёй сістэмы адукацыі, падтрымкі і развіцця ўстаноў адукацыі ў галіне культуры;

арганізуюць правядзенне культурных мерапрыемстваў, звязаных з распаўсюджваннем і папулярызацыяй культурных каштоўнасцей;

спрыяюць стварэнню, распаўсюджванню і папулярызацыі суб’ектамі культурнай дзейнасці культурных каштоўнасцей, якія маюць высокамастацкае і высокамаральнае значэнне, у тым ліку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў і фінансавання культурных праграм (праектаў, мерапрыемстваў);

ствараюць умовы для адраджэння і развіцця гістарычных традыцый народнай творчасці, заахвочваюць культурную дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб ва ўказанай сферы;

садзейнічаюць развіццю літаратурнай і мастацкай крытыкі, арганізацыі і правядзенню фестываляў, аглядаў, конкурсаў, экспертыз і іншых форм аб’ектыўнай і незалежнай ацэнкі вынікаў творчай дзейнасці;

ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку прымаюць меры па абароне грамадскай маралі;

забяспечваюць правядзенне навуковых даследаванняў, распрацоўку і ажыццяўленне навуковых праграм і праектаў у галіне культуры, аказанне метадычнай дапамогі арганізацыям культуры;

арганізуюць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі работнікаў культуры;

ажыццяўляюць выяўленне, улік, вывучэнне, рэстаўрацыю і ахову аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны;

забяспечваюць афіцыйнае апублікаванне актаў заканадаўства аб культуры, якія прыняты, выдадзены імі, давядзенне да ўсеагульнага ведама ў іншай форме актаў заканадаўства аб культуры, дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры, іншай дакументаванай інфармацыі аб культурным жыцці, калі яна мае грамадска значны характар;

вядуць дзяржаўную статыстыку па формах нецэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў i ўказаннях па ix запаўненню, якія распрацоўваюцца iмi і зацвярджаюцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў галіне дзяржаўнай статыстыкі;

ствараюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, якія спецыялізуюцца на асвятленні культурнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь і замежных дзяржавах; стымулююць публікацыі або паведамленні на тэмы, звязаныя з культурным жыццём, у іншых дзяржаўных, а таксама недзяржаўных сродках масавай інфармацыі, у тым ліку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў, прадастаўлення падатковых і іншых ільгот;

стымулююць выданне літаратуры, якая мае значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання культуры (творы літаратуры нацыянальнай тэматыкі, для дзяцей і моладзі, класічныя творы мастацкай літаратуры і інш.);

садзейнічаюць укараненню перадавых інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць арганізацый культуры, ствараюць адзіную дзяржаўную сістэму інфармацыйнага забеспячэння культурнай дзейнасці і адзіную інфармацыйную адукацыйную прастору ў галіне культуры;

рэгулююць перамяшчэнне культурных каштоўнасцей праз мяжу Рэспублікі Беларусь, перашкаджаюць незаконнаму вывазу за межы Рэспублікі Беларусь культурных каштоўнасцей і незаконнай перадачы права ўласнасці на іх, прымаюць меры па вяртанню ў Рэспубліку Беларусь культурных каштоўнасцей, незаконна вывезеных з яе тэрыторыі або не вернутых ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;

ствараюць умовы для міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, развіваюць культурныя сувязі з суайчыннікамі, якія пражываюць за мяжой;

аказваюць падтрымку міжнародным арганізацыям, якія створаны і (або) дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь у мэтах выканання яе міжнародных абавязацельстваў у галіне культуры;

могуць аказваць падтрымку творчым саюзам у адпаведнасці з заканадаўствам;

ствараюць спрыяльныя ўмовы для развіцця клубных устаноў для інвалідаў;

выконваюць іншыя абавязкі, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Артыкул 13. Узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кіравання ў галіне культуры з органамі мясцовага самакіравання і грамадскімі арганізацыямі (аб’яднаннямі)

1. Дзяржаўныя органы ажыццяўляюць рэгуляванне і кіраванне ў галіне культуры ва ўзаемадзеянні з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, а таксама творчымі саюзамі і іншымі грамадскімі арганізацыямі (аб’яднаннямі), якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць. Напрамкі і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

2. З мэтай стварэння арганізацыйных асноў узаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання ў галіне культуры і грамадскіх арганізацый (аб’яднанняў), якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, дзеячаў культуры і мастацтва, іншых суб’ектаў культурнай дзейнасці пры дзяржаўных органах могуць стварацца грамадскія саветы і іншыя кансультатыўныя органы.

Артыкул 14. Дзяржаўныя праграмы захавання і развіцця культуры

1. Дзяржаўныя праграмы захавання і развіцця культуры падзяляюцца на рэспубліканскія і рэгіянальныя.

2. Рэспубліканскія праграмы захавання і развіцця культуры вызначаюць меры па захаванню, развіццю і распаўсюджванню культуры на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

3. Рэгіянальныя праграмы захавання і развіцця культуры вызначаюць меры па захаванню, развіццю і распаўсюджванню культуры на ўзроўні адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь.

4. Рэспубліканскія праграмы захавання і развіцця культуры распрацоўваюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь не менш чым на пяць гадоў і зацвярджаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь.

5. Рэгіянальныя праграмы захавання і развіцця культуры могуць распрацоўвацца па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Указаныя праграмы зацвярджаюцца адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў.

 

См. также:

ГЛАВА 3. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН У ГАЛІНЕ КУЛЬТУРЫ

 

Поиск по сайту:
по любому из слов по каждому слову

© Национальная академия наук Беларуси, 2011