|  |   -  -   -   -  
      
	    ГЛАВА 4. АРГАНІЗАЦЫІ КУЛЬТУРЫ
	
	   
	 
  		  Артыкул 21. Віды і асноўныя тыпы арганізацый культуры
 1. Арганізацыі культуры ў Рэспубліцы Беларусь па форме ўласнасці падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя, па асноўнай мэце дзейнасці – на камерцыйныя і некамерцыйныя.
 
 2. Арганізацыі культуры падраздзяляюцца на наступныя асноўныя тыпы:
 
 2.1. бібліятэкі;
 
 2.2. музеі;
 
 2.3. карцінныя, мастацкія галерэі і галерэі мастацтваў, выставачныя залы, панарамы і іншыя выставачныя арганізацыі ў галіне культуры;
 
 2.4. клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры, цэнтры (дамы) народнай творчасці (народнага мастацтва, фальклору), цэнтры (дамы) рамёстваў, маладзёжныя культурныя цэнтры, цэнтры нацыянальных культур і іншыя клубныя ўстановы (далей – клубныя ўстановы);
 
 2.5. паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады (далей – паркі);
 
 2.6. кніжныя палаты;
 
 2.7. тэатры;
 
 2.8. цыркі;
 
 2.9. філармоніі і іншыя канцэртныя арганізацыі (далей – канцэртныя арганізацыі);
 
 2.10. арганізацыі кінематаграфіі;
 
 2.11. творчыя майстэрні;
 
 2.12. арганізацыі народных промыслаў (рамёстваў);
 
 2.13. навукова-праектныя і вытворчыя рэстаўрацыйныя арганізацыі;
 
 2.14. навукова-даследчыя ўстановы і метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветніцкай работы).
 
 3. У Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца арганізацыі культуры іншых, не ўказаных у пункце 2 гэтага артыкула тыпаў, у тым ліку змешаных.
 
 31. Арганізацыі культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць праз падрыхтоўку, арганізацыю, паказ i (або) правядзенне спектакляў, канцэртаў ці іншых публічных паказаў, лічацца тэатральна-відовішчнымі.
 
 Да тэатральна-відовішчных арганізацый адносяцца тэатры, цыркі, канцэртныя арганізацыі, іншыя тыпы арганізацый культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, указаную ў частцы першай гэтага пункта.
 
 32. Арганізацыі культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць праз забеспячэнне доступу фізічных асоб да культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца ў фондах гэтых арганізацый, або праз стварэнне ўмоў для заняцця народнай і мастацкай творчасцю, самаадукацыяй, а таксама для духоўнага і фізічнага развіцця, лічацца культурна-асветнымі.
 
 Да культурна-асветных арганізацый адносяцца музеі, бібліятэкі, клубныя ўстановы, іншыя тыпы арганізацый культуры, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, указаную ў частцы першай гэтага пункта.
 
 33. Арганізацыям культуры ў выпадках, вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, можа быць прысвоены статус «нацыянальны».
 
 Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння, пазбаўлення статусу «нацыянальны» i асаблівасці прававога становішча арганізацый культуры з такім статусам вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
 
 4. Арганізацыйна-прававыя формы, асаблівасці прававога становішча і парадку дзейнасці асобных тыпаў арганізацый культуры вызначаюцца гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.
 
 5. Гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства аб культуры могуць быць прадугледжаны абавязковыя патрабаванні (умовы), пры выкананні якіх дапускаецца стварэнне арганізацый культуры пэўных відаў (тыпаў), у тым ліку патрабаванні да складу фондаў культурных каштоўнасцей, а таксама маёмасці, што перадаюцца заснавальнікам арганізацыі культуры для ажыццяўлення або забеспячэння культурнай дзейнасці.
 
 Артыкул 22. Асаблівасці ўстаноў культуры як адной з форм некамерцыйных арганізацый культуры
 
 1. Установа культуры – арганізацыя, якая ствараецца для ажыццяўлення інфармацыйных, асветных, адукацыйных, выхаваўчых, забаўляльных і іншых функцый некамерцыйнага характару ў галіне культуры і фінансуецца поўнасцю або часткова яе заснавальнікам.
 
 2. Установа культуры дзейнічае на падставе статута, зацверджанага заснавальнікам.
 
 3. Непасрэднае кіраўніцтва ўстановай культуры ажыццяўляе кіраўнік, які прызначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады заснавальнікам, а таксама іншыя органы кіравання, вызначаныя заканадаўствам і (або) статутам установы культуры. Заснавальнік заключае з кіраўніком установы культуры працоўны дагавор (кантракт) у адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 4. Установа культуры валодае, карыстаецца і распараджаецца замацаванай за ёю маёмасцю на праве аператыўнага кіравання.
 
 5. Заснавальнікі ўстаноў культуры абавязаны забяспечыць установы культуры будынкамі або памяшканнямі, абсталяваннем, тэхнічнымі і іншымі сродкамі, неабходнымі для ажыццяўлення асноўнай дзейнасці.
 
 6. Перавод устаноў культуры ў памяшканні, якія пагаршаюць умовы іх дзейнасці, не дапускаецца.
 
 Артыкул 23. Стварэнне, дзяржаўная рэгістрацыя, рэарганізацыя і ліквідацыя арганізацый культуры
 
 1. Парадак стварэння, дзяржаўнай рэгістрацыі, рэарганізацыі і ліквідацыі арганізацый культуры вызначаецца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.
 
 2. У кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы Рэспублікі Беларусь Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі прымаюцца меры па стварэнню комплексу дзяржаўных арганізацый культуры, які гарантуе задавальненне асноўных духоўных патрэбнасцей насельніцтва.
 
 3. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права ствараць дзяржаўныя арганізацыі культуры любых тыпаў звыш нарматываў, вызначаных дзяржаўнымі мінімальнымі сацыяльнымі стандартамі ў галіне культуры.
 
 4. Пры планаванні стварэння дзяржаўных арганізацый культуры ўлічваюцца гістарычныя, нацыянальныя і геаграфічныя асаблівасці мясцовасці.
 
 5. Ліквідацыя дзяржаўных устаноў культуры не дапускаецца, калі такая ліквідацыя выкліча немагчымасць выканання дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне культуры.
 
 6. Рэарганізацыя і ліквідацыя дзяржаўных устаноў культуры, якія маюць асаблівае значэнне для захавання, развіцця і распаўсюджвання беларускай нацыянальнай культуры, ажыццяўляюцца са згоды Урада Рэспублікі Беларусь. Пералік такіх устаноў культуры зацвярджаецца Урадам Рэспублікі Беларусь.
 
 
   
	    
            См. также: ГЛАВА 5. КАЛЕКТЫВЫ МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ
   
	
 
  
   © Национальная академия наук Беларуси, 2011
 	  
     |  |